12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Зуёнак

_____________________
Ячменнае поле.
Вершы


ЗГАДКА НА ЎЗЬЛЁТНАЙ ПАЛАСЕ

Было: як Адысей — з Адэсы
Вяртаўся я ў свой стольны Мінск:
Загаварыла сьцюардэса —
Загаварыў, здалося, сфінкс.

Загаварыла і зьдзівіла,
Бо ўсім інструкцыям на зло
З ёй слова роднае на крылах
У звонкай вышыні плыло.

На мове роднай і адзінай
Дзяржаўна павітала ўсіх
Высакалётная дзяўчына
З вачмі, як неба раскалых, —

З усьмешкаю, па-беларуску, —
О як жа слодыч абняла
Душу, калі ад перагрузкі
Яшчэ й цукеркі раздала…

Я не спытаўся: ці з Палесься,
Ці з краю, што ня знаў балот,
Была яна, але, як песьня,
Са мной застаўся той палёт…

Так і жыву тым успамінам
З аэрафлотаўскіх вышынь,
Бо з той пары — ня плюс, а мінус
У вышыні — куды ні кінь…

А мне карціць: а як жа з плюсам?..
Зноў самалёт бярэ разгон…
Шукаю з плюсам беларуса,
Бо, кажуць, ёсьць усё-ткі ён!..


ТРЫНАЦЦАЦЬ СЛОЎ…

Трынаццаць слоў калісьці Пётра Першы
Забараніў, — як пасадзіў за краты:
Каб не трапляліся ні ў рапартах, ні ў вершах,
Ды і на сьвецкіх зборышчах — non grata.

А паміж слоў асуджаных: “Айчына” –
Народу ў сэрца выракам цаляе…
І сёньня ў нас чыноўнік гэткім чынам
На ўсё айчыннае цяжкі замок чапляе.

Не на трынаццаць слоў з указам царскім –
На мову родную абрынута пагарда.
І толькі іншы раз чыны — пад чаркай —
“На мове” не супроць паслухаць барда…

Яшчэ “пісьменьнік” скажуць як “піцьменьнік”,
Яшчэ пітво “гарэлкай” абзавецца…
А палічыць — дык з моўнага здранцьвеньня
Трынаццаць слоў, магчыма, й набярэцца…

Трынаццаць слоў — пад царскай забаронай.
Трынаццаць слоў — за царскім баляваньнем.
Ды там на мове — царская карона.
А тут — бязмоўя рабскае іржаньне…


* * *

Птушачка ў ружовенькай спаднічцы —
Гарыхвостка на плячы куста
Ўспыхвае і гасьне дробнай зьнічкай
З трапяткімі ўзмахамі хваста.

Бы сігналіць па вясновым садзе,
Што даўно мінуў зімовы пост,
І цікуе: дзе ж ён? — як шатландзец
У спаднічцы ж гэткай — гарыхвост?..


АПОШНІ ПЕРАДЗЕЛ

Тым і жылі народы,
Што нешта дзялілі заўсёды, —
За тое Ўсявышні ня судзіць:
—На тое яны і людзі…

Дзялілі ваду і сушу,
Дзялілі багоў і душы,
Дзялілі шляхі і дарогі,
Парады і перамогі,
Дзялілі сьвятых і д’яблаў,
Дзялілі разладу яблык,
Дзялілі мужчыны жанчын,
Дзялілі жанчыны мужчын…

Ад звады людской і сваркі,
Здаецца, стаміліся й Паркі
І ўжо дапрадаюць кудзелю…

А мы — усё дзелім і дзелім…
Дзяльбе — не чакай дарма! –
Здаецца, й канца няма…

Нарэшце, у спрэчцы татальнай
Падзел наступіў віртуальны.
Падзел, як Патоп, — сусьветны:
Апошні, няўпрошны, бязмэтны…

І што ж мы на гэты раз
Дзелім?
—Прастору і час…

Агонія сэнсу зямнога:
Нікога — нікому — нічога…


ЯЧМЕННАЕ ПОЛЕ

То шнуры баразён акучаных,
То ў царах — кукурузны кіях, —
А таго вусача калючага
Ўсё радзей сустракаю ў палях…

З кожным днём мудрэе селекцыя:
Кажуць, ёсьць ужо й без асьця –
Ёсьць бязвусы ячмень, — як праекцыя
На спрадвек талерантны наш сьцяг.

А ў дадатак ня зерне на крупы –
Словы, словы… — чым не харчы?! —
Нам таўкуць дзяржаўныя ступы
І дзяржаўныя таўкачы…

Бульбянее душа беларуская,
Зарываецца ў глебу глыбей…
О ячменю палоска вузкая,
Ты ня зводзься і не гібей…

Пашырайся, ніва шапоткая, —
Вус угору, зерне ў наліў.
Радасьць будзе ў нас не кароткая, —
Бога куфлем ніхто не ўгнявіў.

Нораў твой ды ў наш бы характар:
Каб і зерне, і добры задзёр, —
Знаюць хай на сусьветных трактах:
Белавус — і васьцёр, і мудзёр!..

Беларусь, ячменнае поле, —
А на полі і мы ўзрасьцём:
Нам у горле твой колас ня коле, —
Папярхнецца хай вораг асьцём.

Хай шумяць ячмяні вусатыя —
Плён такі даспадобы жыцьцю:
Нам — на піва, на кашу з затаўкай,
Можна й ворагу — на куцьцю.


СКАЖЫЦЕ…

Блукаю, заблытаны ўшчэнт вандроўнік,
Па нетрах бясконцай вечнасьці,
Каб вызнаць пачаткаў тайну, —
А розум, глабальна сьцяўшы надброўе,
Прыводзіць нязьменна, як да недарэчнасьці,
Да вельмі просьценькага пытаньня:

Скажыце, царкоўныя аўтарытэты,
І вас крыху патрывожу я,
Вучонай эліты куміры:
А што — да стварэньня сьвету
Не існавала табліца множаньня?
І двойчы два не было чатыры?..


НЯЗБЫТНАСЬЦЬ

Усё былое — дзень наступны наш,
Ды толькі да нязбытнасьці прыкуты:
І неба — мроя, і зямля — міраж,
І на дваіх — адзін вялікі смутак…


ТУТ…

Тут мой шлях і мой першапутак,
Тут зямля мая і мой лёс, —
А адкуль жа сюды я смутак
Па нязбытнаму небу прынёс?

Дзе яно, я ня знаў і ня знаю,
І ня ўзнаю, а ў сэрцы тугу
Не адолее сіла зямная,
Ды і я суняць не магу…

Хто зямныя крылы разьвяжа? –
Разгарну, узмахну, палячу!..
Можа, вызнаў хто і падкажа?..
Толькі я таго ці захачу…

Толькі мне ці памогуць крылы
Волю ўзяць, каб пазбыцца акоў
Ад бяроз, дзе крыжы ды магілы
І былых, і наступных вякоў…

О душа мая, хто ты і дзе ты, —
Над зямлёй зор загадкі гараць:
Я прышэлец з далёкай планеты,
А народжаны тут паміраць…


* * *

Знаю: там і пралескі цьвітуць,
І на вербах вяснуюцца коцікі,
І дажджы шэры змрок не плятуць,
І асеньнія дні не маркоцяцца,
І завея ў паўночнай гульбе
Не аплаквае радасьці сьветлыя, —
А ўсё клічу і клічу цябе
Я адтуль — у гэту золь несусьветную…
* * *

Было: карпеў — але чаму
Мой верш гаркотная няўдача
Падсьцерагала, і яму
Я спачуваў зьнямелым плачам?..

Цяпер даўмеўся: ён ня мой –
Ён быў чужы, ён быў прыёмны,
Ён жыў чужою галавой
І ў дамаганьнях быў нястомны.

То партыя, то правадыр
Яго зацята дыктавалі,
І на зубах рыпеў, як жвір,
Харэй, а ямбам запівалі…

Мой верш, цябе я праклінаў, —
І ўсё ж чагосьці — а дамогся:
Душу сваю не распранаў,
Не прадаваў, маўчаў у злосьці.

Ну што ж, няхай не перамог
Нікога ў гэтай паняверцы —
Але душу сваю зьбярог
І не аддаў на згубу сэрца…


* * *

Сьмерць апошнія дні адлічвае,
І жыцьцё ні ў душы ўжо, ні ў целе
Не жыхар… А да ложка бальнічнага
Суцяшальнікі пнуцца арцельлю.

Нахіляюцца, усьміхаюцца:
«Ну, мы, брат, яшчэ й чарку возьмем!..»
Як ад мух, ён ад слоў адхіляецца –
Адмахнуцца рука не ўзьнімаецца, —
Ён ужо ў недасяжнай дарозе.
І на ўсё толькі й стала трываласьці –
Не сказаць — моўчкі ў іх запытацца:
«Ці з жывым разьвітацца сабраліся,
Ці ўжо з мёртвым прыйшлі павітацца?..»


* * *

Можна зьдзяцінець, ды нельга прайсьці
Ад старасьці шлях да дзяцінства, —
Жыцьцё адно нам Бог адпусьціў
З дзяцінствам — боскім гасьцінцам…

Не дадзена й двойчы кахаць у жыцьці
І гэтак жа — быць каханым, —
Усё астатняе можа ўзрасьці
Толькі ўспамінам ці самападманам…


* * *

Хоць вабілі тлумна вакзалы,
Ды сьвет вандроўны агорк:
Варшава не закілзала,
Ня ўзяў у палон Нью-Ёрк…

Ня быў дамаседам запечным,
Але адусюль шляхі
Да гэтай сялібы надрэчнай
Вярталі замольваць грахі.

Цяпер ні дарог, ні палётаў –
Застаўся апошні маршрут…
Сустрэўшы сваю адзіноту,
Малюся: «Мой родны кут…»

Цяпер і ты адзінокі,
Мой спаконвечны храм…
Ляцяць сіратліва аблокі,
Як душы, крэўныя нам…

А з імі і я адлятаю
За восеньскі небакрай…
Сказаць, ці вярнуся? Ня знаю…
Ня знаю, ня знаю… Бывай!..


* * *

Пытаешся ў жыцьця:
дзе ў вечнасьць дзьверы…—
«Ня знаю, — кажа, — разам крыж нясём…»
Нікому Бог той тайны не даверыў, —
Спытайся ў сьмерці: гэта знае ўсё…


* * *

Мы — у цэнтры, не на ваколіцы, —
Гэта нас і сагнула, відаць:
За Украінай — казацкая вольніца,
Нам жа трэба ўсіх прывітаць.

Тут шляхі з Усходу і Захаду,
Поўнач з Поўднем сустрэліся тут…
Свайму сьвяту пад нашымі дахамі
Замаўляюць чужынцы салют.

Мы жаданых — частуем чаркай.
Набрыдзь — лезе сама штодня…
І няма ў нас крыві янычарскай, —
Першародная чысьціня…

А таму і адбіцца ня можам, —
І з паклонам, з паклонам усё,
Як Пясьняр гаварыў, на сьвет божы
Сваю вечную крыўду нясём.

І нікому не замінаем,
І сваё гатовы ўступіць, —
Талерантнасьць…
І дзе, ня знаем,
Талерантнасьць тую ўтапіць…


* * *

Ібрагім — той жа самы Абрам,
Толькі іх багі разьвялі…
Засталося штосьці і нам, —
Васілі…
Ды зрэдку Адам…

Шмат імёнаў, — ды я не аб тым.

Не імёны правяць намаз
Ці сьвяткуюць шабас —
Браты,
Як і ў нас,
Там ня гук пусты..

І Каран, і Стары Запавет, —
Як блізьняты…
Ды брат для брата –
Вораг,
Зьлейшы, чым злы сусед,
Калі дзеляць
Бога і хату…


* * *

Адыходзяць сябры, адыходзяць,
І нікому гэта ня шкодзіць,
Застаюцца зласьліўцы жывыя,
Нібы вечнасьці вартавыя.

Застаюцца, хаваюць з ахвотай, —
Пахавальная ў іх работа
І пахвальная: цела на вынас!.. —
Ды схаваць, каб назад ня вылез.

Ды хутчэй! — не цьвяліў каб уладу,
Каб уладзе ня псуў фасаду.
Каб з салютам і маршам — па-ўзводна!—
А галоўнае — не прынародна.

Так, як Пушкіна: па этапе,
Пры жандарскім і конскім храпе…
Каб ва ўсім быў строгі парадак:
Колькі слоў, колькі сьлёз — па раскладу.

Каб, крый Божа, не перахвалілі
І падзякваць каму — не забылі…
Каб захлёбваліся ў замілаваньні:
— Ах, якое было пахаваньне!..


* * *

За грэбнем елак завостраным,
Я знаю, — за сіняй смугой,
Паляна сонечным востравам
Чакае прыходу майго.

У квецені сьвятаяньніку
(Ён жа і зьверабой)
Сонца, прачнуўшыся раненька,
Заварвае зельле-напой.

Усім: і сьвятому, і грэшнаму
Замоўлены тут абярог.
А мне спрыяньне найпершае
Нашэптвае траўны бог.

Прымаю сьвятло непагаснае,
Каб вабіў родны абшар, —
І Зьверабою паганскага
І Яна сьвятога дар.

У вырай птушкі зьбіраюцца
За тысячны небакрай,
А я сьпяшаю штораніцы
Сьцяжынкай у блізкі рай.

Малюся, што Усявышні
Мне выдзеліў шчасьця драбок,
Што на зямлі я ня лішні,
Маючы гэты куток…

Перад зімовымі стратамі
У райскім леце стаю.
І птушкі — крыжы крылатыя –
Малітву ўзносяць маю…


ПРА ЎДАЧУ

Грыбы шукаць, як і вершы складаць:
Ня знаеш, дзе ўдача прыхіліцца…
І ўсё ж удача з удач, відаць,
Чакае, калі гукальшчыкаў раць
Ня дыхае ў твар і ў патыліцу…


СЬВЕЧКА Ў КОСМАСЕ

Зьнячэўку школьнае мне
Падкінуў унук пытаньне:
Ці можа сьвечка ці не
Гарэць у бязважкім стане.

У космасе, у караблі
(Што ў сьне толькі можа прысьніцца)
Ці змог бы, як на зямлі,
Пры сьвечцы я памаліцца…

Падручніка хітры клёк
Я пахваліў, а між намі,
Пакінем адказ, Васілёк,
За мудрымі сьвятарамі.

Харалы і сьвечак агні
Як водгук ахвярных спаленьняў
Прыйшоў у нашыя дні
Праз тысячы пакаленьняў.

Маленькая сьвечка трымціць
З надзеяй, што боская ласка
Сагрэе нас пры жыцьці:
Агеньчык той — Богу падказка.

Але ці патрэбны яму
Той напамін бядачы?
Дык і ў сусьвеце таму
Сьвечка агнём не заплача.

Мы той агонь здабылі,
Ня Бога і грэць ён будзе.
Сьвечкі гараць на зямлі,
Сьвечку прыдумалі людзі…


* * *

«Храни меня, мой талисман»…
Якім ён быў, ахоўнік тайны?
Каго маліў паэт апальны
Адпрэчваць здраду і падман?

Хто струны вешчыя кранаў:
Ці знак які, ці рэч-драбніца –
Пярсьцёнак? Дзевы завушніца?..
Хто знае!.. Пушкін толькі знаў…

І мне ён шэпча: праз вякі
Паэта дух праносіць тайну,
Насьпех — разгадкаю звычайнай —
Не адамкнуць яе замкі…

І талісман — нібы сусьвет,
Скалапсаваны ў кропку тую,
Вам грэшную, а мне сьвятую, —
І ў тым, бадай, увесь сакрэт.

Ці ўсьмешка сонца праз туман,
Ці першы сьнег на чорнай глебе,
Ці хвалі сьпеў, ці зорка ў небе?.. —
«Храни меня, мой талисман»…