12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Зуёнак

_____________________
Грачнёвы мёд.
Вершы


* * *

З усходу ўжо сузор’е Арыёна –
Тры зоркі ў поясе – на небасхіл выходзіць.
Гісторыі гадзіннік акрылёны –
Гукае певень, што ўжо спаць мне годзе.

Падказвае: чакаць ужо не доўга
Да раніцы. І ладзіць пераклічку
З эпохамі Гамера і Міндоўга, –
І песня ў вечнасць ападае знічкай…


* * *

Вясна, разлітая ў далоні ручаёў,
Выплёскваецца лотаццю насустрач,
Гульня ікрынак і малачаёў
Б’е ў нерасце хвастом рачное люстра.

Іду няспешна, дзе калісьці бег
З рыбацкім шалам – восці наўзгатовак, –
Цяпер бы гэта за вялікі грэх
Лічылася па мерках рыбаховы.

Тады ж – і гэткай службы не было,
І знаць не знаў ніхто пра браканьераў, –
Тады б ганаравала ўсё сяло
За шчупака, што з рыбака памерам…

Сплыла дзяцінства ўдача ў акіян…
І толькі гул прыліваў і адліваў
Вяртаецца з уловам – як падман,
Што нарадзіўшыся, ужо ты ёсць шчаслівы…

Але чаму, чаму – і часу плынь,
І гэты бераг, дзе ўспамін блукае,
І сонечнае лотаці цяплынь
Так неадступна да жыцця гукаюць?..


* * *

З абваламі, з парогамі,
З аблавамі, з аблогамі –
Ці доўбень ты, ці геній, –
Для кожнага – і ўвогуле:
Жыццё такое доўгае,
А смерць – адно імгненне…


* * *

Гэта вечнасць. Не шоў на экране,
Што дзіджэі разрахавалі.
Таямніцу свайго памірання
Нават звер, нават птушка хаваюць…

І якут, і мансі, і чукча
У тайгу адыходзяць да продкаў,
Голас мудрай прыроды пачуўшы,
Што ўжо век на зямлі ў іх кароткі…

Мне б таксама такая планіда
І такія стасункі са светам,
Каб не быць нікому абрыдлым
І нікога не ўсцешыць пры гэтым…

Ды няма такога адхлання –
Мы саборнасць за правіла лічым
І публічнае паміранне
Ў нашым жорсткім свеце публічным…

Я не знаю, як давядзецца,
Дзе й калі мне з жыццём развітацца, –
Толькі б крэўнаю ласкай сагрэцца –
Без напышлівых лемантацый…

Ад вачэй тых схавай мяне, Божа,
Што ў жыцці тайным злом праціналі,
Захіні, – можа, гэта паможа:
Хай пазнаюць, якая цана ім…

Дай мне, Божа, не адзіноту,
Дай спакой на спатканне з тым часам,
Звольні ўсіх ад цяжкай работы,
Хто пры смерці стаць хоча акрасай…


ІОСІФ БРОДСКІ

Было мне думна
З Іосіфам Бродскім,
Было мне сумна
З Іосіфам Бродскім…

Іосіф Бродскі
Мяне тараніў,
Іосіф Бродскі
Мяне тыраніў…

Цыганіў музай
На слова цяжкай,
З радком абвіслым,
Што ў тоўстых джынсы:
Спадаюць з пуза
Не на падцяжках…

Гняце чытанне,
Карціць пытанне
(Набор курсівам –
Як знак сакрэту):
Якая сіла
Ў тыранстве гэтым?

Іду, –
Нібыта на аброці,
Мяне вядзе
Іосіф Бродскі.

А я ўжо рады
І сам старацца
Ісці за краты
Асацыяцый…

Без абармоцкіх
Скажу іроній:
Іосіф Бродскі
Мяне палоніў…


* * *

“Аз есьм” – і ў вялікім, і ў самым малым, –
Мой час пры мне, як і я пры ім.
Ніколі мне не зрабіцца былым:
Я застаюся ў часе сваім.

Я застаюся ў часе сваім, –
Тым самым я сучаснік усім,
Не падуладны ні добрым, ні злым, –
Як свет, як горад Ерусалім.

“Я ёсць” – і на гэтым мы з часам стаім,
Мой час – усім вякам пабрацім.

Былому шляхоў сваіх не здадзім, –
Мы не спыняемся – мы ляцім.


КАЛАПС

Калапс – гэта калі
Зорка сама
святло сваё пажырае;
Гэта чалавек, які на зямлі
Ўсё грабе
пад сябе
Дзеля ўласнага раю
Зямнога…

Чарнаты не бывае замнога…

Чорныя дзіркі
І душы чорныя, –
Жывуць за чорным парогам,
Чарнатою сваёй асвячоныя.

Ці там касмічны вецер ці
Стынь ледзяная –
Цемры ў іх не бывае –
Чарната пракаветная:
Яны не свецяцца, –
Тым і прыкметныя…


* * *

Спакой ці безвыходнасць без адчаю –
Якая розніца! – размеркавана ўсё,
Агледжана, разважана… Маўчанне –
Галоўны бог. Не рвуць вятры крыссё…

Няма тых развітальных адчуванняў,
Абвостраных, як вечнасці каса,
І Спасам яблычным пануе адпяванне,
Дзе пахавана квецені краса.

Спакой асенні… Павуцінка лета
На промні сонечным, самотная, дрыжыць…
Яшчэ не час развітвацца са светам
У чалавека. Значыць – будзе жыць.


НА ВОСЕНЬ…

Ідзе паціху раніца,
І вёска не галёкае, –
Як быццаам азіраюцца
На лета недалёкае.

А лета – як схавалася:
Цікуе з ночы-ракаўкі,
Лісцём паабсыпалася
Ад ног да самай макаўкі.

Чарнее мякка зябліва,
Пасевы сніць вясеннія.
Туман каханкам зваблівым
Муку на чмур прасейвае.

Праз поле, як па компасе,
Вядуць сляды ласіныя
Туды, дзе над стаўком асеў
П’янкі настой асінавы…


* * *

Кажуць, краіна адна
Засталася з народам без мовы.
(Мова была, ды чужая яна,
А свайго – ані слова).

Бог абурыўся: такім
І памог бы – не пажадалі…
Не захацелі, каб праз вякі
Іх душу па мове пазналі…

Бязлікі люд, як пясок рачны…
Ні наступстваў і ні пачаткаў…
Толькі, кажуць, адзін папугай ручны
Колькі слоў захаваў для нашчадкаў…

Кажуць, мала запомніў, а перадаў
Ён яшчэ менш… Ды надзею пакінуў…

Як мне народа таго шкада,
Як мне шкада той краіны…


ШЧАЎРОЎСКАЯ ЭЛЕГІЯ

Добра помню: дзе і калі
(Бегаў сам – быў хлапец не сідзень)
Светлым гулам званы гулі –
Так гуліць мог толькі Вялікдзень.

Гэта ў нас – над пагоркам тым –
Сонца таньчыла і гуляла,
З нецярпеннем нашым святым
З намі яек чырвоных чакала…

Забалотная вёска Шчаўры
З той царквой, што мяне хрысціла,
Гэтым днём не Хрыстовы дары
Несла нам, а ратунку прасіла.

Падгалоскаў здушылі гул,
Ды апошні – галоўны – клікаў
Супыніць бязбожжа разгул:
Не Вялікдзень – ды дзень быў Вялікі.

Нібы ўсю ратаваць Беларусь –
Цераз ляды, балотным разлогам,
Нацянькі шыбаваў мой татусь –
Бацька хросны, гарант перад Богам.

Дзядзька Змітра, а з ім мужыкі –
Пры жаночай нязломнай сіле –
Адстаялі ад злой рукі
І на злом царкву не пусцілі…

Колькі год яшчэ ў святы яна
Люд гукала нясмелым гулам,
Покуль звон у цішы не сканаў
І навечна застаўся ў мінулым…

Збераглі бацькі, а сыны –
У мазгах з камунізмам хрушчоўскім, –
Як балоты, як стэп цаліны, –
Веру кінулі на раскарчоўку.

Расхлябталі ідэю да дна,
Безнадзейнасць душу прышчаміла.
Засталася вера адна –
З самагонкаю ды “чарнілам”…

Рэдкі госць тут, на ўзмежку стаю,
Варушу сваёй памяці прысак,
З-за балота маўчанне лаўлю
І не бачу знаёмых абрысаў.

А без іх – як зніжэў далягляд!..
Як Шчаўры аселі бяскрыла… –
Дзе гадоў паўтараста назад
Марцінкевіча муза натхніла.

На шчаўроўскіх дажынках паэт –
Той, з прыдомкам радзінным – Дунін,
Акрыляў нашу песню ў свет…
Тут цяпер я адчай свой гадую…

Праз былое Мачыла, Вірок
Пацягнула канава скразная, –
Як пытанні -- за крокам крок:
Можа хто ў Шчаўрах ды пазнае?..

Бо навошта ж тады звон у сне
Зваў сюды, дзе, звяснёныя чаркай,
Над купеллю трымалі мяне
Дзядзька Змітра з матусяю Варкай?..

Што ж пабачыў? І хто сустрэў? –
Не пытайцеся лепш. Не трэба…
Пні даўно адшумелых дрэў…
І без крыжа пустое неба…

Знаць не знаюць мяне Шчаўры.
Разбягаюцца з цвінтара куры…
Храм разнеслі сыны-чмуры,
А ў бур’яне – для ўнукаў: падмурак…


* * *

Акіяны, землі і народы…
І эпохі – як адзіны міг…
Смутак мой дзвюхтысячнага года
На сцяжынцы палявой прыціх.

На тысячагоддзяў перавале
Ён стаяў – не знаў, куды ісці:
Вечна жыць, дзе з ім мы смуткавалі,
Ці са мной бадзяцца па жыцці?..

І пытаўся ў неба аб прысудзе, –
Толькі вочы засцілаў туман:
Неба не было, як і не будзе, –
Гэта ўсё аптычны наш падман…

З ім і я стаяў, але не ведаў,
Што сказаць… А можа, на зямлі
Радасцю здадуцца нашы беды,
Што трагічна нас перажылі?..

І душа, стамлёная, чакала
Не вясновых райскіх салаўёў, –
Песня жаўрукова прарастала
Кволымі сцяблінкамі палёў…


* * *

Свет без высілкаў спее:
Хто абуў, той разуе.
Калі будзе Пампея,
Дык узнікне й Везувій.

Калі выладзіць людства
Храм ці дбайную хату –
Тут жа шле славалюбства
З агнём Герастрата.

А скажы ты мне, Божа,
Што б страслося са светам,
Каб крыху патрывожыць
“Дыялектыку” гэту?

Ці зямля згорне крылы,
Ці абрынецца неба,
Калі ўняць злыя сілы, –
Каб без іх бы як-небудзь?..

Ні табе вывяржэння,
Ні табе Герастрата…
Што – тупік? Тармажэнне?
Не вялікая страта!..

І нічога не стане,
І твой трон не хіснецца, –
Дай сусвету адхланне…

…Бог глядзіць і смяецца…


САМОМУ САБЕ

Галодны, босы – а трывай,
Згінь – а за лішні шкалік
Сваю душу не прадавай
Уладнай “вертыкалі”.

Верш на патрэбу не сабач
За звонкую манету.
Скажы рашучае: “Прабач…” –
Казённаму санету.

Скажы: “Я не для вас, паны…” –
Як сам Купала раіў… –
Вы мне не знаеце цаны –
Затое я вам знаю!..


ЗАМОВА

“Пояс, пояс! Галавешка!..” –
Закліналі мы вужаку,
А яна – нібы з насмешкай,
А яна змяінай сцежкай, –
Ані следу, ані знаку:

Уцякала… Як сцякала
Ручаінкай чорнай цела.
Лезла ў схоў галоўка з джалам, –
Ці пачуць нас не хацела,
Ці замова не лякала?..

Пруцянець не думаў пояс,
Галавешка не дыміла.
Нематы з пагардай повязь –
Адпаўзала, – і наш голас
Зацінала злою сілай.

Не зважала на замову,
Не спынялася вужака.
І маўчала пра выснову,
Што дыктуюцца нам словы
Не ўладарнасцю, а жахам…


ГРАЧНЁВЫ МЁД

Ружова-бела разлілося поле:
Квітнее грэчка і пчаліны звон
Люляе ў цёплым сонечным прыполе, –
Аж ад здзіўлення жмурыць вочы лён.

Магчыма, і зайздросціць па-суседску?..
А я ўяўляю: ільняны абрус,
На ім дыміцца міса з кашай грэцкай, –
Ніякіх спрэчак – згода і хаўрус!

Нібы на полі: лён блакітнавокі
З бялявай грэчкай – люба паглядзець! –
Спраўляюць свята за сталом высокім –
І свеціцца грачнёвы мёд, як медзь.

І пеніцца мядзвяна медавуха,
І недзе ў полі снежным за сялом
Вяселіцца і таньчыць завіруха
Пад звон пчаліны чарак за сталом.