12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Зуёнак

_____________________
Жытнёвая памяць.
Вершы


СЕЙБІТ
Трымаю зярнятка на цёплай далоні,
Прашу прабачэньня, шапчу блаславеньне:
«Навечна з табой разьвітаемся сёньня...»
Яно ж — як ня чуе: ні кроплі зьдзіўленьня,
Ні сьлёз на збаўленьне, —
як быццам ня знае,
Што ў глебу кладзецца яно й памірае.
І сьвеціцца толькі цікаўнае вочка:
З такімі ж спаткацца —
сьмяротнымі — хоча...
Такое ў іх боскае наканаваньне:
Ня зьнікнуць зярняты — ня быць ураджаю.
Я сейбіт — я з вечнасьцю сею спатканьне:
І веру жыцьцю я — і сьмерць паважаю...

ЖЫТНЁВАЯ ПАМЯЦЬ
Я думаў — жыта за гарою,
За цёмным лесам, за зімой, —
А выйшла: во яно, са мною,
Хоць каласкі пагладзь рукой.

Зьвяжы бярэмца з васількамі, —
Хай поле сьнегам замяло,
А жыта дзень і ноч гукае
Дасьпелай сьцежкай за сяло.

Плыве, хвалюецца, шапоча, —
Ад Бога, з Богам — збожжа раць:
Зярняты сьпелыя, як вочы,
У вочы сонечна глядзяць.

Хай вецер вольніцай завейнай
Гудзе-гуляе па жніўі —
Нішто той песьні не заменіць,
Што перапёлкаю зьвініць.

Адно, прызнаюся, сярпамі
Снапоў ня жнуць і на таках
Іх не малоцяць, — гэта памяць
Мая, жытнёвая, — мой шлях...



КАЛІ ПРАЗ ВЯКІ...
Калі праз вякі — будзе час —
А ён будзе! —
Аднойчы спытаюць:
— А што, ад Халопеніч вашых
Застаўся ў сусьвеце
Які-небудзь знак?
Ці ён не згубіўся?.. —
Спытаюць —
Аднак,
Зразумела, тады ўжо ня ў нас,
То адказ,
Каб космас не расьцерусіў,
Зараз дам:
— Гэта тая
Зямля, на якой нарадзіўся Адам, —
Няхай не біблейскі зусім —
Багдановіч, —
А сын у яго —
Пакланіцеся гэтаму краю:
МАКСІМ.



* * *
Хто ты, мой народ?
Ці ты ёсьць? — альбо не?
Хто я, мой народ, калі я цябе страціў?
Вякамі нязбытнасьць дратуе і гне,
І чыняць свой баль
чужакі ў нашай хаце...

Суседзі: хто ўдарыць, а хто штурхане, —
Ці мала ўсялякіх наўкол супастатаў...
А ты ўсё трываеш — жывы — у труне, —
Я — крыж над табою з душою расьпятай.

Стаю (так засьведчыў Гарэцкі Радзім
Разьлікам вучоным) у цэнтры Еўропы,
Крычу і гукаю: няўжо ты зблудзіў
І ў цэнтры Еўропы брыдзеш чарнатропам.

Няўжо ты ня бачыш дарогі людской,
Ці вочы твае хтосьці прывідна засьціў:
То блісьне планіда, як стронга луской,
То зноў у вірах захлынаецца шчасьце...

У вочы твае я гляджу не здаля —
І ўсё, як пазначана лёсам, прымаю...
Хто ты, мой народ, —
людзі скажуць пасьля.
Хто я? — Без цябе проста сэнсу ня маю...



РАЗЬВІТАНЬНЕ З МІНУЛЫМ
Малыя акторы Тэатра Вялікага, —
Хто будзе пытаць на вас «лішні білецік»?
Якія вас чорныя зоркі паклікалі,
Што цэлую вечнасьць, пагаслыя, сьвецяць?..
Стамлёныя людзі, зямныя няўдачнікі, —
Сам Бог-рэжысёр ужо ў посьпех ня верыць.
Якія нябесныя сілы растрачаны­ —
А выйшлі на сцэну нямыя хімеры.

І я ў гэтай п’есе абдзелены роляю —
Ці ў лепшым выпадку лічуся статыстам
І марна чакаю, пакуль, разьняволены,
Мой дух прыляціць на зямлю не турыстам...

Вось толькі каго ўжо тады я праведаю?..
А сёньня й мяне ад зьнямогі хістае...
...Згасае жыцьцё — чалавецтва трагедыя.
Заслона апушчана. Зала пустая...


* * *
Асірацела Лысая гара:
Шпакоў няма і сітаўкі зьляцелі, —
А гэта значыць, што і мне пара
Ў нявырай райскай гарадской пасьцелі...

Вятры гудуць, што некага чакаць,
Што толькі з імі можна пабратацца... —
Прабачце, хто вы? Як вас велічаць?
Адкуль вы? — скандынавы ці брытанцы?..

Я паважаю ваш паўночны ранг
І ваш туманны подых альбіёна...
Але я помню: там, дзе Інд і Ганг, —
Быў мой пачатак, Богам блаславёны.

Мой там пракорань, як, напэўна, й ваш:
Адам адтуль пусьціўся ў сьвет грахоўны,
І зьзяньне поўначы, халодны ваш міраж,
Маю душу цяплыньню не напоўніць...

Дзе ж вы, мае крылатыя сябры?
Няўжо ня помніце, як я вясной вітаў вас?..
А заўтра будуць — мінскія муры,
І скруха, і на сэрцы ледаставы...

Таму й гадаю: прыляцяць ці не?
Таму й сяджу маўкліва і чакаю:
Калі і хто з нябёс крылом махне,
Калі з сабой у вырай пагукае?..

ВІТАНЬНЕ ВЯСНЫ
Статак рагаты — арганы з латыньню —
Выйшаў на поплаў траве памаліцца,
Форум збаноў паліваных на тыне
З выпасам першым вітае дайніца, —
Salve, amici!1

Холад чаромхавы, — хай зьберагае
Памяць зімы — ды вяртаньню ня збыцца!.. —
Лотаць вясновай паводкай шугае
Там, дзе да рэчкі збягала сьняжніца, —
Salve, amici!

Неба — з пралескамі па баравінах,
Сонца ў ярах з першацьветам радніцца,
Вербы ахутаны роем пчаліным —
Мёдна зьвіняць каташкоў завушніцы, —
Salve, amici!

Ходзяць кругамі на такавішчы
Цецерукі — аж дыміцца ігліца,
Сто салаўёў заліваюцца-сьвішчуць
Адной салаўісе ў альхоўніку ніцым, —
Salve, amici!

Чый гэта сьлед па мураўцы зялёнай? —
Кліча за вёску сьцежка-хітрыца,
Сэрца вось-вось засьпявае натхнёна,
Нібы жаўрук з паднябеснай званіцы, —
Salve, amici!


* * *
Супыніся ля нівы жытнёвае, —
Гэта здань, гэта цуд ці прысуд? —
Хтосьці кліча у далі ружовыя,
Хтосьці шэпча: «Застанься тут…»

І згаджаешся з гэтым пошаптам:
Недзе райскія ёсьць сады —
Толькі часу ня траць на пошукі,
Бо шляхі прывядуць сюды.

Паглядзі, як ніва хвалюецца,
Колас коласу б’е паклон, —
Дзе ж тады і душа прытуліцца,
Як ня вернешся, — хоць на скон…

За палямі, за пералескамі
Вестку слухае небакрай:
Аблачынкі — ягняты біблейскія —
На зямлі абяцаюць рай.


* * *
Я не гандляр, а вершы — не тавар,
Ды і калі хто-небудзь іх купляе?..
І гонар гэткі, як і ганарар:
Пустэльны вецер там і тут гуляе…

А слова з невядомасьці імкне, —
Пасьля і сам падзівішся: дагэтуль
Нічыйнае было, а зараз мне
Належыць — аднаму з усіх сусьветаў.

Яно маё. Ніхто не адбярэ
І не палоніць… Толькі сам няволіць
Яго ня стану — што са мной старэць!.. —
Жыві: як гэты лес, як гэта поле…


МАСТАК

Алесю Пісьмянкову

А было такое:
Лета ў звон гуло,
Бесяддзю-ракою
Да Сажа плыло.

Спрыту не хавалі —
Пад узмах рукі
«На сажонкі» хвалю
Бралі хлапчукі.

Сох пракос сажнёвы —
Водар мурагоў
Аж да Магілёва
Далятаў з лугоў.
Зьверху ж, у нябёсаў,
Клопаты свае:
Дождж перапялёсы
Сыпануць ці не?

Колераў сем столак
Гром у пас зьвязаў —
Беседна вясёлак
Арэлі разгайдаў…

Сожна і мурожна,
Мёдна, як з вульля,
І травінкай кожнай
Цешыла зямля…

Заблукаў у леце
Пісьмянкова сьпеў
Ды і не прыкмеціў,
Як зіму сустрэў.

Бесядзь не ў бяседзе,
І, нібы ў бярлог,
Гром старым мядзьведзем
У сумёт залёг.

Ды малюнак строгі —
Не сваяк нудзе.
І марозік ногі
Лёгка ў лес вядзе.

Ранкам заінелым
Аж зьвініць лядок!..
Рытмы чорна-бела
Просяцца ў радок…

Не ляцяць арэлі,
Чуйна сьпяць грамы… —
Лета акварэлі…
Графіка зімы…


* * *
Узьлесак ветрыкам весьніцца.
Лісьцінак гайданьне…
Расінкі ўніз, як па лесьвіцы,
З лісьцінак — маімі гадамі…

Зьліваюцца дзён абліччы…
Было-не-збылося…
Спадаюць… Лічы-не-палічыш…
А больш не папросіш…

І абяцаньне,
Па кропельцы, —
Зязюлі куваньне —
Усё невыразьнейшым робіцца,
Як у тумане…


* * *
Дарога наша, пакута,
Крывавая і крывая.
І келіх праводзін — з атрутай,
І камень шляхоў — караваем.

І на спатканьне са шчасьцем,
І на сустрэчу з доляй —
Асеньніх дажджоў прычасьце,
Малітва вятроў у полі.

Таму й не спыняемся марна,
А ўсё ідзём і шукаем
Краіну пад небам бясхмарным
І верым — што ёсьць такая...


ПАЭТ
У сто вятроў падбіта паліто,
Іголкамі прашыта ледзянымі,
І сам — ужо не сам, амаль ніхто:
Настылы цень… Але душа — на ўздыме...

Душа ляціць над горадам начным,
Над вашым сном у мякаці пярыннай.
І страшна вам задуманае ім:
На сьвет ня гнеў, а весьні сьпеў абрынуць!..